САКРЭ́ТНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,
часовыя вярхоўна-бюракратычныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1-й пал. 19 ст. Ствараліся імператарам Мікалаем I для абмеркавання праектаў рэформ. Сакрэтны характар дзейнасці быў абумоўлены бояззю грамадскага хвалявання. Гал. пытаннем было сялянскае. Першы С.к. «6 снежня 1826» (фармальна дзейнічаў да 1832) пад старшынствам В.П.Качубея і М.М.Спяранскага створаны для выпрацоўкі агульнага плана дзярж. пераўтварэнняў, разглядаў і праекты асабістага вызвалення сялян. С.к. 1835—36 (гал. ролю адыгралі Спяранскі, Я.Ф.Канкрын і П.Дз.Кісялёў) абмяркоўваў пытанне аб паступовай замене прыгонных адносін дагаворнымі пры захаванні зямлі ў памешчыкаў. С.к. 1839—42 абмяркоўваў праект Кісялёва аб увядзенні інвентароў. С.к. 1846 разглядаў запіску кіраўніка МУС Л.А.Пяроўскага пра абмежаванне прыгоннага права шляхам рэгламентацыі адносін унутры вотчыны; к-ты 1840 і 1844 займаліся пытаннем звальнення дваровых, 1847 і 1848 — выкупам сялян з маёнткаў, якія падлягалі публічным таргам. Некаторыя С.к. паўплывалі на змены ў заканадаўстве аб прававым становішчы асобных саслоўяў (1831, 1832, 1842, 1844). Вопыт С.к. улічаны пры выпрацоўцы сялянскай рэформы 1861; апошні С.к. 1857 пераўтвораны ў 1858 у Галоўны камітэт па сялянскай справе.
Літ.:
Архипова Т.А. Секретный комитет 6 дек. 1826 // Тр. Моск. гос. ист.-арх. ин-та. М., 1965. Т 20;
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в М., 1993.
т. 14, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)